Цитаты из книги Дикая охота короля Стаха
Мы, беларусы, рэдка ўмеем кахаць па-сапраўднаму, не ахвяруючы чымсьці, і я не быў выключэннем з правіла. Звычайна мы мучым тую, якую кахаем, а самі мучымся яшчэ больш ад розных супярэчлівых думак, пытанняў, учынкаў, якія іншымі вельмі лёгка прыводзяцца да аднаго знамянальніка.
Галоднаму не даюць хлеба, ягоны хлеб аддаюць салдату, які страляе ў яго за тое, што ён галодны. Дзяржаўная мудрасць! І гэтыя няшчасныя маўчаць. За якія грахі караешся ты, мой народ, за што ты мяцешся па ўласнай зямлі, як асенняе лісце?
Гледзячы на яго твар, я разумеў, чаму баяцца ўладу маючыя такіх вось стройных, чыстых і сумленных юнакоў. У іх, вядома, шырокія вочы, дзіцячая ўсмешка, юнацкія слабыя рукі, шыя ганарлівая і стройная, белая, як мармуровая, як быццам назнарок створана для сякеры ката, але ў іх яшчэ і непрыміручасць, сумленне да канца нават у дробязях, няўменне лічыцца з перавагаю чужой грубай сілы і фанатычная вернасць праўдзе. У жыцці яны нявопытныя, даверлівыя дзеці да сівых валос, у служэнні праўдзе - горкія, іранічныя, адданыя да канца, мудрыя і нязломныя. А дрэнь баіцца такіх нават тады, калі яны яшчэ не пачыналі дзейнічаць, і, кіруючыся інстынктам, уласцівым погані, цкуе іх заўсёды. Дрэнь ведае, што яны - самая найвялікшая небяспека для яе існавання.
Я зразумеў, што дай такому ў рукі пісталет, і ён, усё з той самай шчырай белазубай усмешкаю, падыдзе да тырана, усадзіць у яго кулю і пасля спакойна скажа смерці: «Хадзі сюды». І ён вытрымае найбольшыя пакуты спакойна і, калі не памрэ ў турме ад прагі волі, спакойна пойдзе на эшафот.
Чалавек, як вядома, найбольш сумленны да дваццаці пяці год, у гэты час ён арганічна не выносіць несправядлівасці, але моладзь занадта прыслухоўваецца да сябе, ёй нова і цікава глядзець, як новымі думкамі і пачуццямі (яна ўпэўнена, што такога не думаў і не адчуваў ніхто) рунее душа.
Кажуць, што доўгія гады лёс дае звычайна дурням, каб яны папоўнілі разумовы недахоп багатым вопытам.